ДУНА́ЙСКАЯ ШКО́ЛА ў мастацтве,

кірунак у жывапісе і графіцы паўд. Германіі і Аўстрыі 1-й пал. 16 ст. Да Д.ш. адносяць раннія творы Л.Кранаха Старэйшага, А.Альтдорфера, В.Губера і інш., якія вылучаюцца свабодай маст. фантазіі, эмацыянальнасцю, пантэістычным, падчас казачным успрыманнем прыроды, цікавасцю да ляснога і рачнога пейзажу, да прасторы і святла, дынамічнай, парывістай манерай пісьма (часам дробнымі мазкамі), вострай выразнасцю малюнка і інтэнсіўнасцю колеру. Познагатычныя традыцыі пераплятаюцца ў Д.ш. з рэнесансавымі тэндэнцыямі.

т. 6, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)